Гарадская геральдыка Гомеля: гiсторыя i сучаснасць

. 284

Гомель — адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі, мае больш чым 1000-гадовую гісторыю. Адно з цікавых і маладаследаваных — пытанне аб гарадской геральдыцы Гомеля. Гэты артыкул з’яуляецца першай спробай абагульніць звесткі аб гомельскіх гербах, гербатворчасці і звязаных з гэтым гістарычных умовах.

Працэс атрымання гарадамі гербаў з’яуляецца вынікам росту іх ролі ў жыцці сярэдневечнага грамадства. У краінах Заходняй Еўропы ён дасягнуў сваёй кульмінацыі прыкладна ў XV стагоддзі.1 У беларускіх гарадах працэс атрымання гербаў пачынае актыўна праяўляцца з другой паловы XVI стагоддзя.2

3 60—70 гг. XIV ст. Гомель уваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), з’яуляецца цэнтрам гомельскага староства ((дзяржаўнага ўладання ў XIV—XVIII ст ст., якое ўваходзіла ў склад гаспадарскіх (вялікакняскіх) Падняпроўскіх валасцей, знаходзілася ў пажыццёвым трыманні старостаў (дзяржаўцаў)3, якімі прызначаліся буйныя феадалы за паслугі Вялікаму князю або дзяржаве)).4

Часцяком мяшчане ВКЛ былі ініцыятарамі атрымання горадам герба (не былі выключэннем і мяшчане Гомеля). “Месяца марца 21 дня” 1560 года кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт II Аўгуст выдаў “Привилей мещаном Гомейским на печать местьскую”: Присылали до нас подданые нашы мещане места Гомейского, оповедаючы, што ж они печати месткое, которое бы справы местьские печатовали мели, в себе не мають и для того великое заструдненье в тых справах и потребах местских им частокрот деется… Ино мы з ласки нашое господарское… печать местьскую з гербом крыжа им дали и мети дозволили и сим листом нашым дозволяем. Мають вжо они от того часу тое печати и гербу помененого во всих справах и потребах, оному месту належачих, вживати и им печатоватися по тому, яко и у ыншых местах нашых Великого князства Литовского обычай того заховывается.5 Амаль у кожным прывілеі маецца выраз, які падкрэслівае добразычлівае стаўленне вярхоўнай улады да горада: “Ино мы з ласкі нашое господарское”, таксама наданне герба разглядалася вярхоўнай уладай, як адзін з істотных фактараў, спрыяючых росту эканамічнай сталасці, амаль у кожным прывілеі маецца выраз, які падкрэслівае гэта: “печати месткое… в себе не мають и для того великое заструдненье в … справах и потребах… им частокрот деется”. У большасці выпадкаў малюнак нададзенага герба знаходзіўся ў прывілеі, давалася яго моўнае апісанне. Але так было не заўсёды. У гомельскім прывілеі падаецца толькі апісанне “печать местьскую з гербом крыжа им дали”. Даследчык гарадской геральдыкі Беларусі А. Цітоў прапануе наступную рэканструкцыю гомельскага герба з прывілея 1560 г.: каляровыя характарыстыкі: эмблема — крыж — срэбнага (белага) колеру, што адпавядае як колеру крыжа Св. Георгія, так і найчасцей была ўласціва для кавалерскага крыжа.6 Поле, у якім размешчана выява, чырвонае. Гэты колер з’яуляецца найбольш ўласцівым і ўлюбленым для беларускай гарадской геральдыкі XVI cт.7 (Мал. 1). Верагодна, што гарадской пячаткай з выявай крыжа гомельскія мяшчане карысталіся не толькі да далучэння Гомеля да Расіі ў 1772 г., але і пэўны час пасля гэтага, да “пожалования” Гомеля П. А. Румянцаву-Задунайскому ў 70-х гг. XVIII ст.8

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай Усходняя Беларусь разам з гомельскім староствам трапіла пад ўладу Расійскай імперыі. Гомель быў канфіскаваны ў Расійскую казну і з’яўляўся цэнтрам Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі (1773—1777 гг.).9

Загадам Расійскай імператрыцы Кацярыны II ад 10 ліпеня 1775 г. генерал-губернатар Маларосіі (Украіны), кіраўнік рускіх войскаў пад час руска-турэцкай вайны 1768—1774 гг. граф П. А. Румянцаў-Задунайскі атрымаў “для ўвеселения — пять тысяч душ, староство Гомельское…”10 Як пісал Л. Вінаградаў “…присутствие уездного комиссара и чиновников сделалось до некоторой степени излишним и стеснительным для владельца…”11 і таму з 1777 г. Гомель — мястэчка Беліцкага павета, утворанага паводле загада Кацярыны II ад 22.3.1777 г. у адказ на прашэнне графа П. А. Румянцава-Задунайскага аб перанясенні павятовага цэнтра з Гомеля. Цэнтрам павета стала веска Беліца (за 20 км ад Гомеля), якой з гэтай нагоды нададзены статус горада.12 Адначасова было прынята рашэнне аб пачатку будаўніцтва новага павятовага цэнтра побач з Гомелем. У 1781 г. зацверджаны герб: “Высочайше утвержден: 16 августа 1781 г. Белицк. Могилёвского наместничества. Белицк Могилёвской губ. предместье г. Гомеля. В верхней части щита, часть герба могилёвского: в золотом поле, половина Российского герба, в нижней — лежащая спокойно, рысь, в голубом поле; ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много”.13 (Мал. 2.). У 1786 г. павятовая адміністрацыя пераехала ў спецыяльна пабудаваны горад Новая Беліца.14

У 1834 г. гомельскі маёнтак перайшоў ва ўласнасць дзяржавы (Расійскай імперыі). Выкупіў палац і навакольныя землі ў тым жа годзе князь I. Ф. Паскевіч, рускі ваенны дзеяч, з 1831 г. камандуючы рускімі войскамі, князь Варшаўскі (за падаўленне паўстання 1831 г.), намеснік рускага цара ў Польшы, які вырашыў зрабіць Гомель сваей галоўнай рэзідэнцыяй.15 25 верасня 1852 г. па прапанове I. Ф. Паскевіча Мікалай I падпісаў загад аб прызначэнні Гомеля павятовым цэнтрам (Новая Беліца апынулася заштатным горадам), а загадам 15 сакавіка 1854 г, “повелено присоединить заштатный город Белицу к Гомелю в виде предместья”.16

У снежні 1855 г. Гомель атрымаў герб “Высочайше утвержден: 23 декабря 1855 г. Могилёвской губернии. Гомель. Могилёвской губернии. Уездный. Щит разделён на две равные части: в верхней изображен могилёвский герб: в золотом щите возникающий государственный орёл; в нижней, на лазуревом поле, лежащая рысь. Щит увенчан городской короной каменного цвета”.17 (Мал. 3).

Імператар Мікалай I шматразова выказваў свае незадавальненне якасцю зробленых гербаў, падкрэслівая, што яны ствараюцца “не по правилам геральдики”. У 1851 г. ён загадаў “…на гербах же городов уездных ставить ныне употребляемую подобными городами городскую корону…”18 У чэрвені 1856 г. загадам Мікалая I на барона Б. Кене19 ускладаўся “пересмотр всех губернских и прочих местных гербов Российской империи, с тем, чтобы… представить проектные рисунки тем из сих гербов, кои по неправильности их составления требуют исправления или изменения”.20 10 чэрвеня 1857 г. было зацверджана спецыяльнае аддзяленне па вырабу гербаў (гербавае аддзяленне) пры канцылярыі Дэпартамента герольдыі. Пасаду кіраўніка гербавым аддзяленнем заняў Б. Кене,21 ім была распрацавана адзіная сістэма аздабленняў гербавых шчытоў, выкарыстання розных відаў карон, якія знаходзіліся над гарадскім гербавым шчытом (для павятовых гарадоў прапаноўвалася 3-х зубцовая вежа-карона), таксама ўводзілісь адмысловыя геральдычныя фігуры, якія адзначалі паважнасць гарадоў і занятак іх жыхароў (для прамысловых гарадоў алая (чырвоная) Аляксандраўская стужка з двума залатымі малаткамі.))22 Б. Кене прапаноўваў, згодна геральдычным правілам, губернскі герб змяшчаць у вольнай частцы гарадскога герба (ў левым або правым верхнім куце). Таксама Б. Кене ўдакладняў існуючыя апісанні гербаў, даючы назву фігурам згодна прынятай у геральдыцы тэрміналогіі, перамалёўваў фігуры, надаючы ім геральдычныя формы (выявы).23 Пры актыўным удзеле Б. Кене былі перагледжаны ўсе раней зацверджаныя тэрытарыяльныя гербы. У выніку Б. Кене стварыў уласны праект правіл складання гербаў, гербавых дыпломаў і грамат з малюнкамі, які быў зацверджаны расійскім ўрадам (на агульнагеральдычных пачатках, прынятых ва ўсіх еўрапейскіх дзяржа-вах).24 У студзені 1862 г., згодна геральдычнай сістэме Б. Кене, быў распрацаваны праект герба г. Гомеля: “В голубом (лазуревом) щите стоящая рысь, в вольной части — герб Могилёвской губернии: в золотом щите, тройная зеленая могила, на которой три червленых, с зелеными листьями, колоса. Щит увенчан серебряною башенною короною о трёх зубцах, за щитом два, накрест положенные золотые молотка, соединенные Александровскою лентою”.25 (Мал. 4). Па праекту гербавага аддзялення загадам ад 5 ліпеня 1878 г. Сенатам Расіі былі ўведзены ва ўжытак 35 гербаў губерняў, у тым ліку і Магілёўскай, які змяшчаўся на праекце гомельскага герба 1862 г.26 Праект гомельскага герба 1862 г. не быў афіцыйна зацверджаны і ўведзены ва ужытак.

Герб Гомеля 1855 г. выконваў свае функцыі да пачатку XX стагоддзя (яшчэ ў 1918 г. ім карысталіся гарадскія ўлады).27

У перыяд 20—80-х гг. XX ст. пытанне аб гарадскім гербе сур’езна не падымалася, толькі зрэдку дзе-нідзе ў літаратуры мільгала інфармацыя аб гербу 1855 г. У 90-х гг XX ст. Гомельскім гарадскім саветам прадпрымаліся пэўныя захады ў дачыненні да пошукаў старажытнага гомельскага герба, але не былі мэтанакіраванымі і даведзенымі да станоўчых вынікаў.

Толькі ў 1997 г., напярэдадні святкавання 200-годдзя стварэння палаца-паркавага ансамбля ў Гомелі, гэтае пытанне паўстала рубам.

16.07.1997 г. Гомельскі гарвыканкам прыняў рашэнне “О воссоздании герба города Гомеля 1855 г.: “Рассмотрев материалы, предоставленные Гомельским областным краеведческим музеем, по истории герба Гомеля, в том числе и о гербе, официально утвержденном в 1855 г. …учитывая, что все последующие предложения по гербу города официально не утверждались, исполком решил: воссоздать герб города Гомеля с изображением щита: на лазуревом фоне спокойно лежащая рысь, щит увенчан городской 5-зубцовой короной красного цвета”.28 У геральдычную палату Беларусі быў накіраваны праект герба (згодна вышэй пададзенага апісання), разгледжаны і зацверджаны на сумесным пасяджэнні выканкама і прэзідыўма гарсавета. 3 улікам удакладненняў, заўваг і прапаноў Дзяржкамітэта па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь, праект герба Гомеля выглядаў наступным чынам: “На щите в лазуревом поле спокойно лежащая рысь”, художественный редактор Белов А. П., художник Степанов Ю. Л. (Мал. 5.).29 У ліпені 1997 г. прапанаваны праект герба Гомеля быу афіцыйна зацверджаны дзяржавай. Падаем текст “Пасведчання аб рэгістрацыі герба горада Гомеля”: Разгледзіўшы герб горада Гомеля, які зацверджаны рашэннем гарадскога выканаўчага камітэта пад №802 ад 16 ліпеня 1997 г. дзяржаўная геральдынная служба Рэспублікі Беларусь прыйшла да высновы, што гэты герб адпавядае ўсім патрабаванням геральдыкі. Герб уяўляе сабой, у блакітным полі залатая ляжачая рысь. Рашэннем начальніка Дзяржаўнай геральдычнай службы Рэспублікі Беларусь ад 20 жніўня 1997 г. герб горада Гомеля, уключаны ў гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь, што з’яўляецца актам его дзяржаўнай рэгістрацыі. Начальнік Дзяржаўнай геральдычнай службы В. Насевіч.30

“Пасведчанне аб рэгістрацыі герба г. Гомеля” і комплекс дакументаў былі перададзены ў 1997 г. на захаванне ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей, дзе складаюць асобную справу “Материалы о регистрации герба г. Гомеля”.31

ЛІТАРАТУРА:

1. Цітоў А. Гарадская геральдыка Беларусі. — Мн., 1989. — С.10.
2. Там жа.
3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі (далей ЭГБ). — Т. 3. — Мн., 1996. — С. 67.
4. Гомель: Энциклопедический справочник. — Мн., 1991. — С. 187.
5. Там жа. — С. 131.
6. Кавалерскім крыжам упрыгожваліся сцягі кавалерыі, якая змагалася з туркамі.
7. Гомельские ведомости. — № 43. — 1992.
8. Гомель: Эиц. спр. — С. 131—132.
9. ЭГБ. – Т. 3. – С. 62.
10. Марозаў В. Ф. Палац у Гомелі. – Мн., 1991. – С. 11-14.
11. Виноградов Л. Гомель: его прошлое и настоящее. 1142—1900 г. — М., 1900. – С. 26.
12. ЭГБ. – Т. 2. – Мн., 1994: – С. 5.
13. Гербы городов, губерний, областей и посадов Российской империи, внесенные в полное собрание законов с 1649 по 1900 год. Составил П. П. фон-Винклер (далей ГРИ). – СПб, 1900. – С. 206.
14. ЭГБ. – Т. 2. – С. 5.
15. Марозаў В. Ф….-С.47—49.
16. Виноградов Л….— С. 34.
17. ГРИ. – С. 41.
18. Соболева НА. Российская городская и областная геральдика XVIII—XIX вв. – М. 1981. – С. 133.
19. Бернгард (Барыс Васільевіч) Кене пачаў сваю дзейнасць у якасці супра-цоўніка Эрмітажа, напісаў шэраг прац па антычнай і заходнееўрапейскай нумізматыцы, сфрагістыцы, медалістыцы; стваральнік новага дзяржаўнага герба Расійскай імперыі і гербаў імператарскай фаміліі Мікалая I; сабраў каштоўнуіо бібліятэку па нумізматыцы, геральдьщы, сфрагістыцы, генеалогіі. (Н. А. Соболева… – С. 123-124).
20. Соболева Н. А…. – С. 135.
21. Там жа. — С. 123.
22. Там жа. — С. 135.
23. Там жа. – С. 135-137.
24. Там жа. – С. 139.
25. Рэканструкцыя апісання герба — аўтара артыкула.
26. ГРИ. – С. 184.
27. У экспазіцыі аддзела ‘гісторыі Гомельскага абласнога краязнаўчага музея (далей ГАКМ) знаходзіцца бон, выдадзены гарадскім самакіраваннем у 1918 г., з выявай гомельскага герба 1855 г.
28. Фонды ГАКМ. – Д. 953.
29. Там жа.
30. Там жа.
31. Там жа.

САЛАДОЎНІКАЎ А. П. — мал. навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі края ў дасавецкі перыяд

Краеведческие записки (к 80-летию Гомельского областного краеведческого музея) / Гомельский обл. краевед, музей. – Гомель, 2000


Каталог TUT.BY Яндекс.Метрика