Замкі Беларусі. Ткачоў М.А. (1977)

. 268

АД АУТАРА

На працягу многіх стагоддзяў беларускія муляры-дойліды ўзводзілі са звыклых для іх будаўнічых матэрыялаў – палявога каменю і цэглы – магутныя замкі.

Архітэктурна-мастацкае аблічча такіх збудаванняў у кожным выпадку канкрэтна-індывідуальнае. Кожны з помнікаў мае сваю гісторыю, сваю ўласную будаўнічую біяграфію. Але збліжае іх, радніць адно: увасабленне гераізму і мужнасці народа, яго самабытнага таленту і каласальнай працы, укладзеных у справу абароны кроўных інтарэсаў роднай зямлі.

Помнікі, аб якіх расказваецца ў гэтай кнізе, з’яўляюцца неацэннымі дакументамі нашай гісторыі, нашай нацыянальнай спадчынай, валодаць якой не толькі пачэснае права, але і вялікая адказнасць. Зберагчы іх, захаваць для нашчадкаў – абавязак кожнага чалавека, усёй грамаснасці

Кніга адрасуецца шырокаму колу краязнаўцаў, настаўнікам, вучням, студэнтам, асобам, што адказваюць за ахову помнікаў, а таксама ўсім, каго хвалюе і цікавіць мінулае Беларусі.

Публікацыя матэрыялаў аб выдатных помніках ваеннага дойлідства XIII-XVII ст. не толькі дасць чытачам неабходны мінімум звестак. Яна мае на мэце таксама пэўны аспект эстэтычнага і патрыятычнага выхавання маладога пакалення, камуністычны светапогляд якога павінен быць навукова шырокім і поўным і фарміравацца на слаўных баявых і працоўных традыцыях свайго народа, на трывалым грунце ўсёй яго шматвяковай гісторыі і культуры.

УСТУП

Абарончыя збудаванні – неад’емная частка беларускай культуры, сведка яе нялёгкай, складанай і багатай гісторыі. Сцены заімшэлых замкаў, пасечаныя войнамі і часам, сталі старонкамі летапісу сівых вякоў, па берагі перапоўненых гераічнай барацьбой беларускага народа за сваё шчасце і незалежнасць.

За многія стагоддзі сваёй гісторыі беларусы спазналі нямала. Лёс іх зямлі вырашаўся не толькі ў Грунвальдскай бітве з крыжакамі ў 1410 г. або з татарамі пад Клецкам у 1506 г. У тыя далёкія часы ваенныя падзеі звычайна адбываліся пад сценамі ўмацаваных гарадоў і замкаў.  Менавіта яны прымалі на сябе галоўны цяжар варожых нашэсцяў і часцей за ўсё вырашалі лёс вайны ці паходу.

«Краінай замкаў» называлі сучаснікі нашу зямлю. I гэта сапраўды так. Амаль праз кожныя 30-40 км тут стаяў замак пункт абароны вялікай ваколіцы. Магутныя сцены замкаў не раз чулі сігналы-поклічы ваенных труб, свіст стрэл і грукат гармат. Сярод мора вайны, якое раз-пораз затапляла краіну. замкі ўзвышаліся непрыступнымі астравамі. дзе збіраліся сілы змагання і каваліся будучыя перамогі.

Цяпер старажытныя ваенна-абарончыя збудаванні не маюць ужо практычнага значэння. Тым не менш іх каштоўнасць для нас велізарная. Створаныя руплівай, мазольнай працай нашага народа, яны не толькі адлюстроўваюць яго гістарычнае мінулае, патрыятызм і гераічную барацьбу ў абарону роднай зямлі. Адначасова яны з’яўляюцца яскравым сведчаннем таленту і высокай культуры беларусаў далёкага мінулага, бо, гаворачы словамі выдатнага савецкага даследчыка старажытнай архітэктуры М. М. Вароніна. «…стан фартыфікацыі ў вядомай ступені адлюстроўвае культурнае развіццё народа ў тую ці іншую гістарычную эпоху».

Знаёмства з гэтымі помнікамі пераконвае, што на Беларусі развіццё ваеннага дойлідства ішло ўпоравень з часам, а сіла і характар абарончых умацаванняў цалкам адпавядалі тагачаснай ваеннай адукацыі народаў, якім яны былі проціпастаўлены.

 


Каталог TUT.BY Яндекс.Метрика